У апошні час наша раённая газета “Навіны Камянеччыны” даволі часта на сваіх старонках звяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Так у нумары ад 5 мая бягучага года быў змешчаны артыкул пра гераічны учынак юнага жыхара Прускі Велівейскай Франэка Дацкевіча (“Учынак пастуха: гераізм ці не?”). Малады чалавек загінуў ад кулі гітлераўцаў, абараняючы ад рабавання статак сялянскіх авечак. З нарысу стала вядома, што яго магіла знаходзіцца ля шашы Камянец – Жабінка.
А некалькі раней “Навіны Камянеччыны” распавялі пра трагічны лёс жыхароў вёскі Шчэрбава Марыі Казіміраўны і Карпа Аляксеевіча Шапятоўскіх. У 1944 годзе сям’я была растраляна ў Прускаўскім лесе за сувязь з партызанамі.
Улічваючы тыя абставіны, што гэтыя падзеі адбываліся на тэрытрорыі нашага сельсавета, мы, навучэнцы гуртка “Ваенная гісторыя Беларусі” Пелішчанскай сярэдняй школы, вырашылі наведаць месцы захавання. Краязнаўчую экспедыцыю да помнікаў ваеннай гісторыі было запланавана здейсніць пад час восеньскіх канікул.
І вось надышлі доўгачаканыя вакацыі. Прыйшла пара збірацца ў дарогу. Але на адным з заняткаў гуртка пры планаванні экспедыцыі нам захацелась пашырыць кола даследванняў і выйсці за межы Пелішчанскага сельскага савета. Тым больш, што гэтаму спрыяла цудоўнае надвор’е, што усталявалася напрыканцы кастрычніка. Сапраўдная залатая восень! Вось тут і склаўся канчатковы план: здзейсніць двухдзённае велападарожжа па Камянецкім раёне з наведваннем месц ваеннай гісторыі.
31 кастрычніка адправіліся ў шлях. Першым аб’ектам, які мы наведалі, было месца сустрэчнага танкавага боя, што адбыўся 22 чэрвеня 1941 года на скрыжаванні дарог Камянец – Жабінка і Слонім – Высокае ў трох кіламетрах на поўнач ад Пелішч. Гэты бой лічыцца амаль што першым сустрэчным танкавым боем у гісторый Вялікай Айчыннай вайны. Пад час яго загінула болей за 50 савецкіх танкістаў з танкавай дывізіі палкоўніка Багданава. Нажаль, гэтае месца аніяк не адзначана.
Далей было наведванне трох захаванняў у Прускаўскім лесе: магілы сям’і Шапятоўскіх, юнака Франэка Дацкевіча і братскай магілы савецкіх актывістаў. На мемарыяльнай дошцы апошняга захавання знайшлі прозвішча нашага земляка, першага настаўніка Пелішчанскай школы, дэпутата Вярхоўнага савета БССР Іосіфа Кур’яновіча.
Потым наш шлях працягваўся да Камянца. Тут мы наведалі брацкую мгілу савецкіх воінаў, што загінулі пры вызваленні Камянецкага раёна у ліпені 1944 года. З больш за 1700 пахаваных 73 воіна склалі свае галовы вызваляючы нашу родную вёску Пелішча. Пра іх мы ведаем. Іх прозвішчы размешчаны у куточку Баявой Славы Пелішчанскай школы. З нашчадкамі некаторых з іх мы падтрымліваем сувязь.
Пасля пешшу схадзілі да яшчэ аднаго помніка, пра які ў свій час пісала раёнка: памятнага знака на перакрыжаванні вуліц Чкалава і Пралетарскай. Гэта напамін пра габрэйскага гета, што было размяшчана ў гэтым раёне горада ў 1941-1942 гадах.
У Камянцы наведалі таксама і сквер, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, што не так даўно быў створаны на ўскрайку горада, і крочылі далей. Пра адкрыццё сквера таксама ў свой час даведаліся са старонак раённай газеты.
А далей наш шлях ляжаў у бок вёскі Бучамля, дзе цяпер размешчана турыстычная база пры Камянецкім дзіцячым цэнтры турызму і краязнаўства. Там запланаваны быў начны адпачынак.
Па дарозе наведалі помнік аднавяскоўцам, загінуўшым на франтах Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Мікалаева, памятны знак ля вёскі Шастакова на месцы, дзе нарадзіўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1865 гадоў Рамуальд Траўгут і магілу загінуўшых воінаў недалёка ад гэтай жа вёскі. Нажаль на магільнай шчыльдзе прозвішчы воінаў, што пакояцца ў гэтым захаванні, прачытаць не змаглі. Перашкодзіў тоўсты слой фарбы. Не знайшлі дакладных звестак пра магілу і ў кнізе “Памяць” Камянецкага раёна. На гэтым праграма першага дня нашага падарожжа была выканана.
1 лістапада рушылі ў адваротны шлях. У гэты дзень наша дарога пралягала праз вёскі Свішчова, Ратайчыцы (радзіма героя вайны Сяргея Вірко), Дзямянчыцы, Турну Вялікую і далей на Пелішча.
На гэтым шляху наведалі магілу загінуўшых воінаў на перакрыжаванні дарог ля Трасцяніцы, завіталі да захавання ля Турнянскай сярэдняй школы.
Пры павароце на вёску Пелішча размешчана пахаванне 27 невядомых воінаў, рэшткі якіх былі знойдзены пры будаўніцтве гаспадарчача аб’екту. Туту таксама схілілі галовы.
І завершылі наша падарожжа ля захавання воінаў-танкістаў, што загінулі пры вызваленні нашай вёскі 21 ліпеня 1944 года. Кола падарожжа замкнулася.
Вынік: за два дні пераадолелі больш як 80 кіламетраў на роварах, наведалі 15 аб’ектаў, што звязаныя, большым чынам з ваеннай гісторыяй нашых мясцін. А самае, галоўнае тое, што пад час падарожжа нам удалося дакрануцца да гэтай самай гісторыі, адчуць сувязь паміж днём цяперашнімі днямі мінулымі. Пройдзе некаторы час, і гэтае адчуванне абавязкова пакліча ў новае падарожжа.
разгарнуць » / « згарнуць