Архив новостей - Пелищенская СШ
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

22.11.2016

Жыві, роднае слова!

Жыві, роднае слова!

 

Адным з традыцыйных відаў  метадычнай работы школы з’яўляюцца прадметныя тыдні, якія дазваляюць як вучням, так і настаўнікам дадаткова раскрыць свой творчы патэнцыял.  Мэта прадметных тыдняў – захапіць  вучняў, абудзіць у іх жаданне даведацца нешта новае па-за межамі школьных падручнікаў, развіваць іх мысленне і кругагляд і ў той жа час змястоўна і творча арганізаваць іх вольны час. 

Правядзенне прадметных тыдняў стала добрай традыцыяй і ў нашай школе. У гэтым навучальным годзе эстафету  пачалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. З 14 па 19 лістапада ў школе прайшло шмат цікавых, пазнаваўчых і захапляльных мерапрыемстваў – Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.  Незвычайна і нетрадыцыйна прайшоў гэты тыдзень для вучняў Пелішчанскай сярэдняй школы. Падчас планавання я задала сабе пытанне: “ Чым захапіць і чым здзівіць сучаснага вучня, каб тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў не пад прымусам, а з ахвотай і задавальненнем?” Вырашыла параіцца з тымі, для каго усё гэта і будзе адбывацца. Напярэдадні адбылося анкетаванне, дзе вучні  выказалі свае пажаданні і зацікаўленасць тым ці іншым пытаннем, прапанавалі свае формы правядзення тыдня. З улікам гэтага і быў складены план.

Распачалося свята (а гэта сапраўды атрымалася свята сярод будняў) урачыстай лінейкай, дзе вучні сёмага класа пазнаёміля школу з парадкам правядзення тыдня і запрасілі усіх, хто зназодзіцца ў школе размаўляць па-беларуску. А каб святочны настрой прайшоў праз увесь дзень, на перапынках гучалі песні ў выкананні майстроў беларускай эстрады, канечне ж , толькі на беларускай мове. А кабінет беларускай мовы і літаратуры ў гэты дзень запрашаў самых кемлівых і знаходлівых паспрабаваць свае здольнасці ў адгадванні  беларускіх народных загадак, якія падрыхтавалі пяцікласнікі і назвалі сваё мерапрыемства “ Загадкі з хаткі”.  У гэты дзень у нашай рускамоўнай  школе родная мова гучала паўсюль: у сталоўцы, у настаўніцкай, на ўроку матэматыкі, на стадыёне.

15 і 16 лістапада запомніліся вучням сур’ёзнымі разумовымі выпрабаваннямі.  Для вучняў 5, 6, 7  класаў прайшлі лінгвістычныя спаборніцтвы,  а для старэйшых класаў  - конкурс “Лепшы знаўца беларускай мовы” . Кожнаму хацелася паказаць свае веды, выказаць любоў да роднай мовы, да роднага слова. На перапынках і пасля ўрокаў вучні спяшаліся ў кабінет беларускай мовы , каб паказаць сябе, каб яшчэ раз сказаць сабе і ўсім: “Я ведаю родную мову, я размаўляю на ёй!”

На працягу 20 гадоў у нашай школе дзейнічае этнаграфічны музей. Шмат  цікавых рэчаў знаходзіцца тут: кросны, саматканыя кашулі і ручнікі, гліняны посуд, самавар, які датуецца 19 стагоддзем і захаваўся з часоў Першай сусветнай вайны.  Наш музей – гэта куточак, дзе можна дакрануцца душой да нашай спадчыны, таму што усе экспанаты сабраны  мясцовымі жыхарамі і захоўваюць быт і традыцыі продкаў. Таму 17 лістапада  быў дзень музея. У гэты дзень дзверы музея былі адчынены на ўсіх перапынках, праводзіліся экскурсіі, бала наладжана новая экспазіцыя “Творчасць сучаснікаў- землякоў”, жадаючыя маглі паспрабаваць стравы нацыянальнай беларускай кухні, а для малодшых вучняў былі арганізаваны гульні. Галіна Браніславаўна Міцкевіч (загадчыца музея) пастаралася, каб гэты дзень прайшоў запамінальна і весела.

18 лістапада прайшоў пад назвай “Дзень мастакоў”. Тыдзень блізіўся да завяршэння, але вучні з ахвотай прынялі удзел у конкурсе на лепшае выказванне аб мове, у конкурсе на лепшы малюнак  “Ў – самая незвычайная літара беларскага алфавіта”. У гэты ж дзень былі вызначаны лепшыя чытальнікі вершаў Анатоля Вярцінскага, юбілей якога мы адзначылі 18 лістапада.

А завяршыўся тыдзень 19 лістапада літаратурна-музычнай імпрэзай “Жыві, роднае слова!”  Вечарам ў школьнай зале сабраліся усе тыя, хто любіць родную мову, хто ведае яе і хто яшчэ раз захацеў дакрануцца да прыгожага, спеўнага беларукага слова. Вучні, настаўнікі і бацькі прыйшлі сюды, каб пачуць яго у вершах, у песнях, у жартах. Гучалі прыгожыя песні пад гітару ў выкананні Сакаловай Ганны (вучаніца 9 класа), пранікнёна і чула чыталі вершы беларускіх паэтаў Козел Ганна і Пясецкая Ксенія (вучаніцы 9 класа), весела і заўзята паказвалі сцэнкі з сялянскага жыцця вучні 8 класа  - Гамзюк Уладзіслаў, Шумская Сафія, Марозава Наталля, Забаўка Настасся. Настаўнікі і вучні чыталі  свае ўласныя  вершы на беларускай мове. А тыя, хто перамог у конкурсе “Лепшае выказванне аб роднай мове”, былі адзначаны спецыяльнымі школьнымі дыпломамі. Прыемна і адначасова балюча, што вучні усведамляюць, што мы, беларусы, мала гаворым на сваёй мове. “Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам…”- піша Цюрына Вікторыя, вучаніца 7 класа, цытуючы В. Ластоўскага. “Усе мы з ранняга дзяцінства чуем мілагучную родную мову, вывучаем яе, але ў штодзённым жыцці выкарыстоўваем рэдка…Наша мова можа апынуцца на мяжы знікнення! Гэтага нельга дапусціць! Беларусы, давайце размаўляць па-беларуску!” (Данілік Марына, вучаніца 5 класа).

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры закончыўся. Але я веру: ён пакінуў след у душы кожнага вучня і настаўніка нашай школы, таму што гэта не проста запланаванае школьнае пазакласнае мерапрыемства, гэта дотык да нашага роднага, нашага спрадвечнага.

 

 

Людміла Лойкуц,

 настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Пелішчанскай сярэдняй школы

 Камянецкага раёна

Брэсцкай вобласці