Архив новостей - Пелищенская СШ
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

23.02.2022

Свята роднай мовы

Роднае слова, родная мова – гэта тая  гаючая крыніца, праз якую мы  пазнаём акаляючы свет. Ніхто ніколі не будзе аспрэчваць вялікае і неацэннае значэнне роднага слова для чалавека. Яно апяваецца паэтамі ў вершах, яно гучыць у народных творах розных жанраў. Роднае слова – гэта неад’емная частка культуры кожнага народа.

          Сёння ў свеце налічваецца каля шасці тысяч моў, і ў  мовы ёсць сваё свята. Рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе быў заснаваны Міжнародны дзень роднай мовы,  адзначаецца ён штогод 21 лютага. Яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, а таксама напамін кожнаму з нас аб тым, што лёс мовы залежыць ад нас, яе носьбітаў, людзей.

           Традыцыйна свята роднай мовы адзначаецца і ў нашай школе. Зараз цяжка здзівіць нечым вучняў, традыцыйныя формы і прыёмы не дзейнічаюць. Хацелася нешта запамінальнае і іскрамётнае. Каб вочы у маленькіх беларусаў загарэліся, каб мова Коласа і Купалы сама загучала з іх вуснаў, няхай з памылкамі, няхай на “трасянцы”, няхай з мясцовым дыялектам, але наша, родная, беларуская мова ў рускамоўным асяроддзі. Бо адных урокаў беларускай мовы і літаратуры вельмі мала, каб мы, беларусы, гаварылі толькі па-беларуску. Але ў гэты дзень менавіта так і было. Вучні і настаўнікі як быццам адчулі свой абавязак перад роднай мовай. Як быццам нейкую віну перад нашай мілагучнай, спеўнай беларускай мовай. Мова гучала усюды: на перапынках, уроках, у сталоўцы, у настаўніцкай. Кожны клас быў задзейнічаны ў свяце роднай мовы. 5 клас збіраў “рассыпаныя прыказкі” і спаборнічаў ў вымаўленні скарагаворак. Шасцікласнікі вызначалі лепшага знаўцу беларускіх геаграфічнфх найменняў. 7-ыя класы ўдзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні “ Нечаканыя пераўтварэнні”. Васьмікласнікі стваралі рэкламныя ролікі вядомых брэндаў на беларускай мове. 9-11 класы, як самыя старэйшыя і дарослыя, паказвалі свае веды, з задавальненнем рашалі лінгвістычныя задачы. У іх адносіны да роднай мовы асаблівыя, сур’ёзныя, яны, як амаль выпускнікі, у адказе за яе.

        Хутка і запамінальна прайшоў Дзень роднай мовы ў Пелішчанскай сярэдняй школе.  Ні ў кога не засталося ніякіх сумненняў – наша мова самая лепшая, прыгожая і непаўторная, бо яна  - родная!

 

 Лойкуц Людміла Іосіфаўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры